"У мастацтве я адналюб" - казаў Міхась Карпук. "Пішу толькі непаўторныя пейзажы роднай Беларусі". Непаўторнае хараство беларускай прыроды - незвычайна адметнай, своеасаблівай і ў той жа час задуменна паэтычнай, настраёвай, толькі невідушчы можа не ўбачыць і не адчуць. Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы Берасьцейшчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны.
Шырокая геаграфія вандровак мастака, які аб’ездзіў еўрапейскую Расію, Узбекістан, Каўказ, Крым, Украіну, Малдову, Літву, Латвію, Эстонію, Германію, Швецыю, Польшчу, але застаўся верным знаёмай з маленства беларускай прыродзе. Яна па-сапраўднаму вабіла творцу і па-майстэрску адлюстравана на палотнах і графічных аркушах.
Міхась Карпук нарадзіўся ў 1930 годзе на Берасьцейшчыне ў вёсцы Мыкшыцы, недалёка ад мястэчка Высокае (Лўтоўскае), у якім да нашых дзён захаваліся руіны старажытнага замка і цудоўны парк. Колькі памятаў сябе з дзяцінства - увесь час маляваў. Вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1948-1956), а пазней у Маскоўскім паліграфічным інстытуце на аддзяленні графікі (1956-1962).
Пачатак творчай дзейнасці мастака звязаны са станаўленнем Беларускага тэлебачання. Канцэртныя праграмы, дзіцячыя перадачы, літаратурныя пастаноўкі, тэлевізійныя спектаклі і кінафільмы – дыяпазон працы мастака-пастаноўшчыка. За 15 гадоў адданай працы Міхась Карпук, так бы мовіць "рабіў карцінку" да такіх інсцэніровак як "Песня музыкі" паводле Якуба Коласа, "Якаў Багамолаў" М. Горкага, "Крах" па п'есе Л. Талстога, "Ткачы", "Уся каралеўская раць" Р. П. Уорэна і шэраг іншых.
З 1963 года Міхась Карпук - пастаянны удзельнік мастацкіх выстаў, а з 1969 года - член Саюза мастакоў. У 1971 годзе Міхась Карпук стварае мастацкі вобраз да мемарыяльнага дома-музея Адама Міцкевіча ў Наваградку.
У 1972 годзе ў якасці мастака-пастаноўшчыка пачына творчую працу на кінастудыі "Беларусьфільм", дзе аформіў такія фільмы, як "Парашуты на дрэвах", "Аннушка", "Канец бабінага лета", "Апошняе лета дзяцінства " і іншыя.
З 1983 года Міхась Карпук пакідае працу на кінастудыі і займаецца творчай дзейнасцю ў майстэрні. Шматгадовая праца на тэлебачанні і кінастудыі ўзбагацілі мастака назіраннямі і ўражаннямі, дапамаглі яму развіць кампазіцыйные майстэрства, умела бачыць пейзаж у глыбіні, у прасторы, у багацці дэталяў, знаходзіць матывы ў мастацкім вырашэнні твораў.
Творы мастака экспанаваліся ў шматлікіх гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Швецыі. Творы мастака знаходзяцца ў музеях Рэспублікі Беларусь і прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, Бельгіі, Даніі, Швецыі, Люксембургу, Італіі, Турцыі, Ізраілю, Сірыі, ЗША і Канады.