Выстава жывапiсу Наталлi Шапавалавай «Містэрыя часу»

"Асобна вызначаецца цікавасць Наталлі да тэмы часу, непарыўнай сувязі мінулага, сучаснага i будучыні. Вобразы захавацельніц сноў са старажытнай зброяй, загадкавыя рэптыліі, што ахоўваюць вечныя таямніцы космасу, выявы коней, якія ўяўляюць бег да невядомай крыніцы свету як надзеі на светлыя часы i адраджэнне, з'яўляюцца своеасаблівым раскрыццем будучыні праз сны i мроі"

Мастак, дызайнер. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Сябра арт-студыі «Аквавір».

Нарадзілася ў горадзе Крычаў. Скончыла крычаўскую мастацкую школу i мастацкае вучылішча ў г. Бабруйску. Скончыла Беларускі Дзяржаўны Ўніверсітэт Культуры i Мастацтваў, магістратуру Iнстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі.

Працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным жывапісу i ў мастацкім тэкстылі. Асаблівасцю мастацкіх твораў Наталлi Шапавалавай з'яўляецца неверагоднае спалучэнне вобразаў, якія выклікаюць адначасова i захапленне, i здзіўленне. Пошук натхнення ў свеце мар i летуценняў, увасабленне вобразаў праз прызму фантастычнага свету казак i міфаў, выкарыстоўванне стылістыкі розных гістарычных эпох - неад'емная частка творчасці мастачкі.

Асобна вызначаецца цікавасць Наталлі да тэмы часу, непарыўнай сувязі мінулага, сучаснага i будучыні. Вобразы захавацельніц сноў са старажытнай зброяй, загадкавыя рэптыліі, што ахоўваюць вечныя таямніцы космасу, выявы коней, якія ўяўляюць бег да невядомай крыніцы свету як надзеі на светлыя часы i адраджэнне, з'яўляюцца своеасаблівым раскрыццем будучыні праз сны i мроі. Нягледзячы на падсвядомую прыроду, сны нярэдка інтэрпрэтуюць мінулае ў сучаснасці, ствараюць выразныя выявы i з'яўляюцца магутным інструментам для разумення пачуццяў, думак i падзей, якія адбываюцца ў жыцці чалавека. Аўтарскае пераасэнсаванне рэчаіснасці праз перапляценні сноў, міфаў, легенд, успамінаў, вобразных асацыяцый складае той загадкавы i таямнічы свет, які прыцягвае i здзіўляе.

Сапраўднае мастацтва - гэта акно ў свет, якi не падуладны законам фізікі i логікі. Гэты свет раствараецца ў тумане ўяўлення i фантазіі, знаходзячы формы i адценні, якія толькі вызначаюць контуры чалавечых перажыванняў. У «Містэрыі часу» Наталлі Шапавалавай сутыкаюцца фантазійныя вобразы i сутнасці, якія ў выніку ствараюць новыя прасторы, а таксама адчыняюць нам альтэрнатыўны свет, які дае магчымасць даследваць i глыбока асэнсоўваць уласныя пачуцці i ўражанні. Кожны твор мастачкі становіцца запрашэннем да складанага ўнутранага дыялогу, адчыняючы дзверы да глыбокіх філасофскіх разважанняў.


Мы используем файлы cookie, чтобы обеспечить наилучшее взаимодействие с веб-сайтом. Политика Конфиденциальности
OK