Выстава жывапiсу Уладзiмiра Пракапцова «Мая Беларусь»

"Творчасць мастака характарызуецца арыгінальным пазнавальным стылем, глыбокім філасофскім зместам, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей, зваротам да сваіх каранёў, любоўю да сваёй зямлі і сваіх бацькоў"
24 мая 2025 года а 16-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Мара” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы Уладзіміра Пракапцова “Мая Беларусь”, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі.

Гэта выстава заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства, ганаровага прафесара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, ганаровага генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Іванавіча Пракапцова.

Дэманстрацыя твораў паказвае разнастайнасць інтарэсаў аўтара як мастака, мастацтвазнаўцы і арганізатара музейнай справы Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены 30 работ аўтара. Творчасць мастака характарызуецца арыгінальным пазнавальным стылем, глыбокім філасофскім зместам, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей, зваротам да сваіх каранёў, любоўю да сваёй зямлі і сваіх бацькоў. Карціны ўяўляюць сабой сплаў суб’ектыўна-лірычнага і рацыянальна-прагматычнага пачаткаў, што дае магчымасць раскрыць і паказаць на палатне парыў сваіх пачуццяў і думак праз гарманічную завершанасць, кампазіцыйную, пластычную і колеравую арганізацыю твора. Сярод прадстаўленых палотнаў, пачынаючы з 80-х гадоў ХХ стагоддзя, – карціны розных жанраў: пейзажы, нацюрморты, партрэты, эпічныя палотны.

Упершыню будуць прадстаўлены тры новыя творы: “Провады ветэрана. Памяці бацькі”, “Суладдзе зямного і нябеснага. Памяці Веры” і “Дарога дадому”. 2 жніўня 2025 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Пятровіча Пракапцова, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, бацькі мастака. Уладзімір Іванавіч спецыяльна напісаў твор “Провады ветэрана”. Мастак успамінае, як 16 верасня 2003 года праводзілі ў апошні шлях бацьку, у роднай хаце гарэлі свечкі, родныя і суседзі прыходзілі на развітанне… Аўтар паказвае ціхі начны вясковы пейзаж, родную хату з адчыненымі варотамі і яркімі вокнамі, адкуль ідзе шмат святла… Мастак мінімальнымі жывапіснымі і кампазіцыйнымі сродкамі праз начную цішыню імкнуўся раскрыць апошнія гадзіны развітання з бацькам, які ўдзельнічаў у вайне і даў жыццё сваім дзецям.

Партрэт “Памяці Веры” прысвечаны жонцы Веры Паўлаўне, доктару мастацтвазнаўства, прафесару, якая 42 гады працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, стварыла сваю навуковую школу, унесла значны ўклад у развіццё беларускай навукі, нацыянальнай культуры і мастацтва.

Твор “Дарога дадому” – гэта філасофскі аповед мастака на фоне роднага дома ў вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна, пра наша жыццё на зямлі, сваю Бацькаўшчыну, свае карані, пра тое, адкуль мы пайшлі і куды з цягам часу ўсе вернемся.

У экспазіцыі таксама можна ўбачыць кнігі У.І. Пракапцова, прысвечаныя вядомым майстрам Беларусі – Станіславу Жукоўскаму, Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі, Фердынанду Рушчыцу і іншым, якія ўвайшлі ў серыю выданняў “Славутыя мастакі з Беларусі”, ініцыятарам якой ён з’яўляецца.

Творы У.І. Пракапцова знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (Мінск), Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Гомельскага абласнога палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў, Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Добрушскага і Лепельскага раённых краязнаўчых музеяў, у Нацыянальным мастацкім музеі г. Чунціна (КНР), Нацыянальным мастацкім музеі Кітая ў Пекіне, прыватных калекцыях.

У.І. Пракапцоў за асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін г. Добруша” і “Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна”.

Мы используем файлы cookie, чтобы обеспечить наилучшее взаимодействие с веб-сайтом. Политика Конфиденциальности
OK